>>

Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком.
Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад).

Найбольш характэрным паказчыкам узроўню развіцця чалавечай дзейнасці лічацца матэрыялы, з якіх вырабляліся прылады працы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін.

Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. У неаліце пачалі актыўна выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля.

Найбольш старажытныя назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі. У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы і зброі змянілі чалавечы побыт. Войны і ваенныя набегі ператвараліся ў звычайную справу. Таму паселішчы пачалі ўмацоўвацца драўлянымі сценамі, пазней – землянымі валамі і шырокімі рвамі.

У VI ст. да н. э. упершыню з'яўляюцца пісьмовыя дадзеныя пра тагачасных жыхароў беларускіх зямель. Іх пакінуў старажытнагрэчаскі пісьменнік Герадот. Падчас працы над сваім творам "Гісторыя" ён наведаў краіну качавога народа скіфаў у Паўночным Прычарнамор'і, дзе збіраў звесткі аб барацьбе скіфаў з персідскім царом Дарыем. Разам з тым, ён пакінуў нататкі пра іншыя народы Усходняй Еўропы, у тым ліку пра неўраў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Герадот пісаў: "У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Таму што не толькі іх асабістая зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Вось чаму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод апошніх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, канешне, не могуць упэўніць; тым не менш пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта".

Як бачым, звесткі Герадота выглядаюць загадкава і нават фантастычна.

Аднак і ў іх можна знайсці рацыянальнае зерне. Яшчэ на пачатку ХХ ст. на Беларусі былі распаўсюджаны культ хатніх вужоў, казкі і легенды пра вогненных змеяў і пярэваратняў-ваўкалакаў. Такім чынам, мы можам прасачыць пэўную сувязь паміж культурай старажытных насельнікаў Беларусі і іх паслядоўнікаў. Якім жа чынам яна адбывалася?

У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі. Той факт, што многія знойдзеныя археолагамі балцкія паселішчы VI – VIII стст. былі спаленыя, сведчыць пра тое, што славяне прыйшлі на землі Беларусі як заваёўнікі.

У раёнах свайго пасялення славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян.

Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і складалі сваяцкую абшчыну (род). Род распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні - саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі.

Рэлігія славян гэтага перыяду ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму - веры ў адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ.

| >>

Еще по теме Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі:

  1. Дзяржавы - княствы на тэрыторыі Старажытнай Беларусі. Ix грамадскІ лад
  2. Грамадска-палітычны лад і права на Беларусі ў пачатку XX ст.
  3. Палітычныя і прававыя ідэі на Беларусі ў XV - XVI стст.
  4. Гістарыяграфія. Зараджэнне прававых даследаванняў на Беларусі
  5. Сялянская рэформа 1861 п на Беларусі
  6. Права Беларусі ў XVII-XVIII стст.
  7. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – XVI стст
  8. Культурнае жыццё Беларусі на сучасным этапе
  9. Асноўныя рысы старажытнага права Беларусі
  10. Раздзел 1 ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫ ЛАД I ПРАВА БЕЛАРУСІ Ў IX-XII стст.
  11. Грамадска-палітычны лад і права на Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі
  12. Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст
  13. Раздзел 6 ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫ ЛАД I ПРАВА HA БЕЛАРУСІ Ў ПЕРЬіад ІСНАВАННЯ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ (XVII-XVIII стст. )
  14. Раздзел 7 ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫ ЛАД IПРАВА HA БЕЛАРУСІ Ў ПЕРЫЯД РАСПАДУ ПРЫГОННІЦТВАI РАЗВІЦЦЯ КАШТАЛІСТЫЧНЫХ АДНОСІН (ПЕРШАЯ ПАЛОВА XIX CT.)
  15. Юхо Я.А.. Гісторыя дзяржавы i права Беларусі: Вучэбн. да- пам. - У 2ч. Ч. 1., Мн.: РІВШ БДУ,2000. - 352 с., 2000
  16. Гарадскія граматы, прывілеі
- Археология - Великая Отечественная Война (1941 - 1945 гг.) - Всемирная история - Вторая мировая война - Древняя Русь - Историография и источниковедение России - Историография и источниковедение стран Европы и Америки - Историография и источниковедение Украины - Историография, источниковедение - История Австралии и Океании - История аланов - История Византии - История Древнего Востока - История Древнего Рима - История Казахстана - История кинематографа - История Новейшего времени - История Нового времени - История первобытного общества - История Р. Беларусь - История России - История средних веков - История стран Азии и Африки - История стран Европы и Америки - Історія України - Музееведение - Новейшая история России - Палеонтология - Первая мировая война - Ранний железный век - Украина в XVI - XVIII вв - Украина в составе Российской и Австрийской империй - Україна в середні століття (VII-XV ст.) - Энеолит и бронзовый век -